Старонка:Зямля (1928).pdf/291

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Пэўна што так. Дзіва, што чалавек занядужае... Пайду сечкі ўрэжу.

Тамаш паглядзеў, як зачыніліся дзьверы, уздыхнуў і сказаў:

— От як пагаворыць пачалавечы, дык аж лягчэй на сэрцы стане. Здаецца, хата іншаю робіцца. А то ўсё нядобра яму, усё бубніць сабе пад нос. Гэта ён, што пры табе, дык загаварыў гэтак... Яно і беднасьць ня так страшна, як гэтая калатня ў хаце. Горш за ўсё, каб яно згарэла, калі пазіраюць у хаце адно на аднаго коса. Няма горш.

— Вядома што.

— А тут, ліха на яго, як ты ня круці, не пазбавіцца ад гэтага. Колькі жыў, дык усё думаў — некалі пачалавечы гаварыць хоць адно з адным у хаце сваёй будзем. Ажно-ж не дачакаўся.

— Вы вельмі ўсё да сэрца прымаеце.

— Чалавечае сэрца ўсё прымае. Жывы чалавек іначай ня можа. А мне цяпер хвораму, можа, трэба было-б, каб яно іначай трохі было.

— Нічога. Усё ўладжваецца.

— Уладжваецца. Гэта я сам бачу. Але мне суджана, мусіць, ніколі дабра ня бачыць. Я і сам ня ведаю — ці павінен я на сваіх дзяцей крыўдаваць, ці не. Ці гэта яны павінны на мяне крыўдаваць. Ён мяне яшчэ даўно быў раз упікнуў, што я яго на сьвет пусьціў. Што ты тут скажаш.

— Чаго ня бывае, жывучы на сьвеце.

— Адно каб ачуняць мне. Дык усё, добра кажаш, нічога. Усё заўсёды перажывалася. І жылося патом. Кепска было і добра было. А ўрэшце ўсё добра. Жывому чалавеку ўсё добра, і можа нават усё патрэбна... Ня можа быць, каб я яшчэ не ачуняў. От так, як падумаеш, дык і так, і так здаецца.