Старонка:Зямля (1928).pdf/266

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Начамі сава прылятала да самых хат, сядзела ў прысадах на бярозе і плакала, падманваючы зайцоў. Старыя бабулі ў вёсцы палохалі гэтым савіным крыкам малых унукаў сваіх. А раніцою зьнікала недзе сава, а можа моўчкі заставалася сядзець да цямна на тэй-жа самай бярозе.

Сьнегавымі сьлязьмі выплаквала раньняя зіма сьмерць позьняй восені.

ІІІ

Прытульна было ў Барановічавай кухні. Пахла цыбуляю і селядцамі. Барановічыха сядзела на лаве і глядзела на мужчын. Парэзаныя на кавалкі селядцы з цыбуляю ляжалі на тарэлцы. Кварта гарэлкі была ўжо ў палавіне. Смачна жуючы селядцы, Вашыновіч гаварыў:

— Вы, мужчынкі, тымчасове, скажэце самі, чым я ня добры чалавек. Аб якой-небудзь кварце гарэлкі я не цануюся. У аўторак Павал на мяне быў узьняў крык, што са мною меркавацца ня можна. А тут усяго, тымчасове, і было тае крыўды, што я падаў голас за Аляксандра. Раз ён злавіў быў гусака ў сваёй капусьце, дык меў права выцяць гусака дубцом. Чорт-жа яго ведаў, што якраз-бо попадзе па галаве і што ад гэтага, тымчасове, гусак здохне. Чорт яго, тымчасове, матару бяры, гэтым гусаком разам, няхай ён, бог дасьць, здохне другі раз. Тут не аб гусаку ход. Тут, тымчасове, як той казаў, чалавек павінен праўды дайсьці. От што, і скончана дзела, а ня то, што... Я, тымчасове, братка Юлік, кумок ты мой, купіў у цябе кабылку, а ты не захацеў барыша паставіць, дык прышлося, тымчасове, мне ставіць. От муж-