Старонка:Зямля (1928).pdf/265

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вечары прыходзілі з густою сіньню неба, з рэдкімі зорамі і кудзельнымі абрыўкамі хмар. Тады чарнелі блізкія і далёкія кусты, дзівоснай сьцяною ўзьнімаліся лясы. Больш шорхла гразь, і поле маўчала чорнай цішынёю. А як ноч добра агортала зямлю, у кустох вылі ваўкі і трывожылі сабак. Сабакі па дварох не маглі супакоіцца, нэрвова слухалі, абнюхвалі сьнег і з смуткам самі пробавалі выць. Пасьля ўсю ноч заходзіліся брэхам на агародах і паплавох.

Сады былі мокрыя і голыя. Сьвежасьцю веяла гольле дрэваў, калівы шчуплае і зялёнае травы, што зрэдку дзе высоўваліся з-пад чорнага лісьця, перамешанага з мокрым сьнегам, весялілі людзкое вока.

У дварох пылілі церніцы, грызучы перасохлы лён, каля сушань пылу ільнянога было больш. хлопцы пад вечар прыходзілі сюды памагаць канчаць дзяўчатам завіхацца каля ільну.

Плугі і бароны былі пахаваны да вясны. Зьвінелі пілы і стукалі сякеры. Шасталі сячкарні. Некалькі малатарань гуло з цямна да цямна.

А поле веяла воляй, і дарогі ўсё звалі ісьці. Плюхала і спакойна цякла рэчка, сіняя, халодная. Жаўцела жвірам на плыткіх мясцох і ў сіняе бяздоньне хавала дно сваё ў вірох. Маўчаў над ёю алешнік і крушыньнік, весела зеляніўся яловец. Кроплі сьнегавое вады і кавалкі абледзянелага сьнегу блішчэлі на яго калючым вецьці. Над ім пахлі хвоі, у спакойным шуме сваім, хаваючы слабы рух зімовага птаства.

У непарушным спакоі лясным далёка чуваць было стук клапатлівага дзятла, і свавольная вавёрка дасьціпна рабіла свой кожнадзенны спацыр.