Старонка:Зямля (1928).pdf/264

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Клемусь не паверыў:

— Ты праўду скажы.

Алесь устаў з плоту і вынес з сяней пілу. Удвух з Клемусем пачалі яны пілаваць дровы. На вуліцы Юзік заўважыў Юрку:

— Гэта-ж Алесь цяпер сярдзіты, мусіць, на Барановічаву Ганну за тое, што не захацела ісьці за яго замуж.

— Не. Ён мусіць будзе браць цяпер Маню з Чучаноў. Тую, што ў Аляксандра ўсё поле баранавала. Ведаеш?

Падышлі пад Юркаву хату. Юрка сказаў:

— Тамаш учора глядзеў нашага каня. Казаў, каб прадавалі. А бацька, ліха ведае, нашто трымае яго. Усе гавораць.

І забыліся на ўсё гэта. Пашлі на агароды і кідалі мокрымі сьнежкамі на варон. Сьмехам абуджвалі вячэрні змрок.

І шмат дзён было такіх — хмурных, сьнегавых і мокрых. Мокры сьнег ня ўвесь растаў. Ляжаў пад куп'ямі ў ямах. Зямля была пярэстаю. Але ўсё памерла пад гэтым сьнегам; на траве сьнег не растаў.

Яшчэ досьвіткам пачыналі цупаць у такох цапы. Пасьля ўвесь дзень стукала імі ўся вуліца і на ўсю-ж вуліцу пахла пылам з растрэсеных снапоў. Каля адчыненых гуменных варот бялела салома і зьяўляліся людзі з абпыленымі тварамі, чорнымі вусамі і бародамі. Чуючы цяплыню на дварэ, у хлявох рыкалі каровы і пад вечар каля калодзе зяў зьдзіўлена абнюхвалі сьнег. У дварох іржалі коні. У дварох-жа стаялі драбіны з чорнымі ад прымерзлай гразі калясьмі. І побач з імі наладжаныя сані чакалі свайго хуткага часу.