Старонка:Зямля (1928).pdf/263

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А другі раз, таксама ў Алесевым дварэ, абдзіраючы з дроў зялёны мох, стараліся не прапусьціць ніводнага слова з гаворкі Алеся і Клемуся. І Алесь і Клемусь сядзелі на нізкім жардзяным плоце курылі. Клемусь гаварыў:

— От, братка, Вольчына сястра, што тады прыяжджала, от прыгожая дзяўчына. Я аж закахаўся быў у яе.

Алесь моўчкі глядзеў на мокры сьнег. Сьнег раставаў патроху і з-пад яго чарнела зямля.

— Я разоў пяць тады заходзіў да Волькі. Раз у прысады хадзілі з яе сястрою. Хацелі да цябе зайсьці.

— Чаму не зашлі?

— Яна не захацела. Вядома, мала знаёмая. А ў нас у мястэчку няма добрых дзяўчат. Усё на далікацтва б'юць. Далікаціцца-далікаціцца, а глянеш ты на яе, дык, як індычка, выцягнуўшы шыю. Больш тае фанабэрыі, як таго чаго. Што, ня праўда? Адно і была ў нас адна добрая дзяўчына, гэта Ганна Барановічава...

І раптам глянуў Клемусь на Алеся і пакінуў гаварыць, пасьля хацеў паправіць сваю памылку:

— Дурныя ўсе нашы дзяўчаты, нічым ня цікавяцца, адно як хлопцамі.

Алесь паглядзеў на Клемуся:

— Хадзем каторага дня ў Чучаны да Зьмітровае Мані.

Клемусь радасна ўстрапянуўся:

— Братачка, яй-богу хадзем.

І ажывіўся яшчэ больш:

— Ты ўспамінаеш Ганну ці ўжо не? Скажы праўду.

Алесь панура адказаў:

— Н-не.