Старонка:Зямля (1928).pdf/262

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А раз стаялі ў Алеся ў дварэ і слухалі, як Тамаш, трымаючы рукі ў кішэнях аблезлае браваркі свае, гаварыў Алесевай мацеры:

— Ты кажаш, родненькая, што памрэш зараз, што ня можаш нічога? Ну, праўда, ты за мяне на гадоў пяць старэйшая, але-ж і я мусіць зараз дуба дам. Мы з табою некалі разам гулялі. Памятаеш, Даўно было. Ледзьве памятаю, як сьню.

— А што ў цябе, Тамашка?

— Старасьць мусіць. Ногі млеюць, слабасьць нейкая. Нічога рабіць не магу. Тады гэта з лесу ледзьве прыехаў. На ліха, не абуў ботаў, а лапці — усё ботаў шкода было, каб яно згарэла. Прамачыў ногі; каб гэта раней, дык таквеле бяды-пераабуешся дома і скочана дзела. А гэта — здароўе ня тое. Дык от з таго самага часу і агарнула мяне хвароба нейкая. Я-ж кажу, ніяк адолі не вазьму. Хрыпаю і баліць ва мне ўсё. Косьці ломіць. У галаве кружыць. Удзень, як расхаджуся, дык яшчэ нічога. А раніцаю, дык хоць з пасьцелі не ўставай. Калі пачне нейкая трасца стукаць у галаву.

— Няхай-бы ты на печы, у цяпле вылежаўся. Выграўся, як мае быць, і паздаравеў бы. А то ходзіш.

— Пярун яго ўлежыць на адным месцы. Каб гэта ўжо зусім абнямог, то ўжо тады ляжаў-бы. А гэта, чорт яго ведае, ні хвароба, ні здароўе...

І больш яшчэ нешта гаварыў Тамаш з Алесеваю мацераю, але Юзік з Юркам пашлі на вуліцу, каб выказаць адзін аднаму сваё ўражаньне:

— Гэта-ж некалі Тамаш і Алесева маці гулялі разам.

— Ну але. Можа нават калі і пад ручку хадзілі.