Старонка:Зямля (1928).pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

моцна грукалі коні ў хлявох, жуючы і тручыся аб сьцены і жалабы. Востра пахла ўсё. Сход разыходзіўся шумней, чым зьбіраўся. Мацней ад усіх чуўся голас старога Паўла. Голас быў праразьлівы і ўзбуджаны:

— Як мы мучымся — дык ня дай бог. Колькі на ўсё трэба будзе выстарчыць, дык а-яй! А ён яшчэ — гэта-ж падумаць — заяўляе, каб кожны па рублю даў капэлю пажарную зрабіць, ці наняць, чорт яго душу ведае. Музыкі ўжо захацеў, каб ён душою заграў. Ці даўно бяз хлеба сядзеў!

— Хто гэта?

— А гэты жэўжык Марцінюкоў — дадумаўся, ліха яму, па рублю з гаспадара; от абы зьдзерці. Выдумаў.

— Калі-ж ён гаварыў пра гэта?

— А ў тую нядзелю, як сьпіскі рабіў, па хатах ходзячы, у кожнай хаце плёў, пакуль я яго не аблаяў. І сягоньня ўсё каля стала пакручваўся, думаў, мусіць, ушчаць работу гэтую сваю. Няхай-бы ўшчынаў, трэба было-б асекчы дурня гэтага. Тут хлеба няма, а яму капэля. Музыкі, я-ж кажу, захацеў.

Вясёлы голас, з лёгкім рогатам, заўважыў:

— Дык-жа калі сядзіш галодны, то тады і музыка добра — забываеш на голад.

Тады яшчэ адзін голас пачуўся задумена:

— А заграніцаю, калі ў каго нястраўнасьць, дык лечаць музыкаю. Проста над вухам у яго рэжа музыка, дык кажа, ліха яму, так адразу ў жываце ўсё і ператравіць.

— Ну добра, а калі прыдзецца часамі так, што ў душу кавалка хлеба ня ўбіць. То таксама з музыкаю пхаюць сабе ў горла?

— А чорт яго ведае.