Старонка:Зямля (1928).pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ты-ж быў там. Ты-ж павінен ведаць.

Чорт яго ўсё ўведае. Сьвет вялікі, а галава малая, дый тая ўсяго адна.

Раптам пачуўся Тамашоў голас:

— Хлопцы, а каб гэта і сапраўды музыку сваю завесьці.

— Заводзь. Хто табе не дае. Пайдзі ў Шалавічы — там кажуць вельмі капэля лоўкая, наймі, ды няхай сабе граюць табе. Ляж на палаткі, паплёўвай у столь дый слухай. От выгаду мецьмеш!

Тамаш больш не гаварыў. Толькі, калі цьвёрды і заклапочаны голас Алеся ў дзесяты раз пачаў даводзіць неабходнасьць перамеркі зямлі, Тамаш памог Алесю:

— Я вам, хлопцы, давяду гэта прыкладам. Справа была ўлетку. А вядома, улетку ноч, як у зайца хвост, — калі твая галава чым вельмі забіта, то ты яе і ня прыкмеціш. Я ўстаў быў яшчэ на расьсьвітаньні, а дзень тады, як год, так што часу было — на ўсялякую работу хопіць. Ну, устаў я гэта сабе нацямочку, яшчэ нават сьцежкі пад нагамі ня відаць...

Голас яго доўга гучэў. Пасьля ён адзін ішоў у свой далёкі канец вуліцы. Ступаў ён цяжкімі ботамі сваімі цьвёрда і няроўна, моцна асядаючы плячыма ў тахт сваім крокам. Шырокая постаць яго сіратліва варушылася на змрочным фоне вясковае ночы. Напроці свае хаты ён прыпыніўся, пачухаў шыю і пашоў да студні. Выцягнуў вядро вады і, разьліваючы на дубовы зруб і сабе на боты, доўга піў, прыпаўшы губамі да халодных клёпак сьлізкага вядра. Вада плюхала моцна і доўга, пасьля, як пашоў ён, вядро, гойдаючыся на жэрдцы, стукалася аб зруб. І гэта былі адзіныя зыкі безутрапёнае ночы.