Старонка:Зямля (1928).pdf/259

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— У нас таксама няма здымку мамінага. Як тата пастарэе, дык я з ім здымуся. Як памрэ, дык каб здымак застаўся.

— А я з бацькам здымацца ня буду.

— Чаму?

— Бо для мамы будзе крыўдна, што яе твар я забыў, а бацькаў заўсёды буду памятаць. Мама ня любіла сварыцца... От была добрая!

— Дзе гэта Мікалай?

— Няма. На рабоце недзе, ужо трэці тыдзень.

— А бубен яго дома?

— Бацька дык цяпер агледзеўся. Усё гаворыць, што маці была добрая. Няхай-бы ён тады гэтак гаварыў. Цяпер дык і ён разумны зрабіўся, як пабачыў сам. Гэтак некалі пашкадуе, што біў мяне. Ды позна будзе тады, я ніколі не забуду гэтага. Аж тры тыдні пісагі на мне былі ад папружкі. Падла старая гэтая, дурная. Гад.

— Ня можна так на бацьку.

— Чорт яго бяры з гэтакім бацькам. Каб было за што, а то я там шчаціньня трохі ўзяў. Ды я-ж купіў ваксы. Мала што можна бяз ваксы абыйсьціся, але калі я купіў, дык не зьбяднела ад гэтага яго гэтая гаспадарка. А сам, дык у той-жа дзень пашоў ды ўсё шчаціньне прапіў. На гэта дык ён маўчыць. А пасьля дык ужо ліжацца: можа, кажа, табе, Юрка, новую шапку купіць. Як-бы ён сам ня ведае, што мне шапка патрэбна. Адно гаворка. Каб хацеў купіць, дык пашоў-бы, ды моўчкі купіў-бы—і ўсё. Дык яшчэ папагаворыць раней. І ўсё роўна ня купіць. Адно цьвеліцца. О, гэтак усё. Сядзе на лаву, ды сам з сабою гаворыць-гаворыць, як дурны які. Або начорта гэты конь гэтакі. Усё роўна ім няма ўжо больш як рабіць. Няхай-бы прадаў. Лепш ужо без каня быць, як гэтакага каня