Старонка:Зямля (1928).pdf/260

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

трымаць. і як гэта ён жыве, гэты конь, нічога ня еўшы.

Падышлі да жолаба. Пастаялі. Юрка адгарнуў сена ў адзін бок, прынёс з сянец аўсянае мякіны з аўсом, усыпаў у жолаб. Мякіну конь пачаў есьці. Зьеў яе хутка. Палажыў морду Юрку на плячо, ляпаў губамі ў яго над вухам.

— А братачка-ж, от ляпае!

Юзік паслухаў і згадзіўся:

— Ну але... Ая-яй.

— Ён яшчэ больш мякіны хоча.

Прынясьлі яшчэ, насыпалі ў жолаб і зачынілі хлеў. Пашлі ў хату, дасталі з паліцы Мікалаеў бубен, пачалі бубніць і скакаць па хаце. Сястрычкі пачалі на печы сьмяяцца і рагатаць.

— Весела, — крычалі яны ўдвух і бегалі па хаце. Зьнячэўку адчыніліся дзьверы і ўвайшоў бацька.

— Што гэта вы робіце? Нашто вы пылу гэтулькі нарабілі.

Бубен зараз-жа апыніўся на паліцы.

— На табе шапку, — сказаў бацька.

Юрка ўзяў шапку, адразу памераў. Шапка была сівенькая, зімовая.

— Ну, што, якраз?

— Якраз. Колькі вы далі за яе?

— Пяць злотых... Думаю, ліха яго бяры. Табе, сынок, шапка патрэбна. Студэнт, вучышся добра, і каб у парванай шапцы хадзіў. Насі здароў... Парасят накарміў?

— Накарміў.

Удвух вышлі яны зноў на двор. І было несамавіта Юрку перад Юзікам у новай шапцы, купленай кагадзе бацькам. Яны ішлі абветранаю, сонечнаю і халоднаю вуліцаю ў канец, дзе на сухім лопусе лемантавалі дробныя птушкі.