Старонка:Зямля (1928).pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яшчэ і яму плаці. Тут гэта назнарок падстроена багатырамі, калі ён дасьць колькі рублёў, дык гэта яму, як пугаю па вадзе; ды разам з сабою беднякоў у адну кучу згалабурдзяць, хочуць на чужым карку у рай уехаць. Хваробы! Я такі чалавек: для мяне родны брат-ня брат, калі ён мне не спагадае.

Ня гледзячы на стук Алеся кулаком па стале, Сабастыян падняў лямант:

— А чаму гэта ты забыўся на тое, што я табе памог каня купіць; чаму гэта ты забыўся?..

— Той конь здох. От што!..

— Але-ж я табе памог яго купіць...

— Шкадаваў, памагаючы, дык от конь доўга на сьвеце ў мяне і не папарыўся. Каб ты ад шчырага сэрца памагаў мне, дык я і дагэтуль рабіў-бы гэтым канём.

Тамаш, седзячы збоку на лаўцы, схаваў пальцы рук у рукавы і зарагатаў. Рогат пачаўся з усіх куткоў. Тады і Алесь глядзеў і слухаў Мацьвея:

— Сярод такіх людзей ня выжывеш, гэта ня людзі, а азіяты. Каб чалавек канаў, ніхто табе не паможа, яшчэ рады будуць, каб іх, бог даў, скрышыла ўсіх да аднаго.

— Каго гэта? — пачуўся голас.

Мацьвей панізіў голас, але ня спыніў гаворкі:

— У людзей, калі радня, дык радня — ад яе можна помачы чакаць, а ў мяне дык усе жывуць сабе, маюць хлеба і да хлеба, а я — хоць прападай. Нават хворую Наталю хацелі мне прыпаручыць. Я гэта перад усімі людзьмі скажу.

— Ніхто табе яе не прыпаручаў, бо яна да цябе і не пашла-б, — ты-ж яе раней пары забіў-бы. Мала ты яе папабіў змоладу?!

— А ты цяпер біў яе.