Старонка:Зямля (1928).pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

работу — да зімы яшчэ можна пасьпець, а тымчасам якраз каморніка можна затанна дастаць — якраз тут нейкі практыкант жыве і яшчэ месяцаў са два будзе жыць. Тады гаворкі пра гэта вяліся моцна, але няпэўна. Цяпер-жа пачалі гаварыць адзін аднаму цішэй, але цьвёрда і ўпэўнена. І хоць даўно ўжо, з самае вясны, нагаварыліся пра гэта, аднак і цяпер здавалася, што толькі пачулі пра гэтую справу. Усё пачалося нанава. І вось пасьля таго, як Алесь прагаласаваў і большасьць галасоў паказала, што ўсю прыбалотную зямлю трэба перамераць і перарэзаць, тады падняў галаву Мацьвей. Твар яго быў узбуджаны:

— А я магу сказаць, што гэта толькі згуба і больш нічога.

— Чаму?

— Бо каморнік дарэмна мераць ня будзе. Дык багатаму — чорт яго ня возьме, табе, Сабастыян, якое ліха адходзіць. Ты памятаеш, як Наталя памерла, дык у цябе дошчак поўнае застрэшша, добра табе было выгаворваць мне, што я пальца ня прыклаў да пахаваньня сястры. Мала ты тады папатрубіў людзям?!

— Калі гэта было?!

— А ў Юліка, як гумно перакрывалі; людзі чулі.

— А ты чуў?

— Я ўсё роўна як чуў. Юлік яшчэ, здаецца, ніколі ня хлусіў... Можна зараз-жа пайсьці да Юліка. Ён пры сьведках скажа. Хадзем да Юліка!

Алесь і нават Тамаш сьцішалі іх, аднак Мацьвей пасьпеў выказаць:

— Па мне, як сабе хто хоча, а я дык скажу кожнаму ў вочы проста і адкрыта. Чорт яго тут усім выстарчыць. Яшчэ нейкі каморнік зьявіўся