Старонка:Зямля (1928).pdf/224

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

возьме ды ўспамяне: мы, кажа, пры табе ніколі дабра ня бачылі. Як-бы гэта я тут вінаваты ў чым. Малодшы, дык усё вучыцца хацеў. Намагаўся, аж страх. А тымчасам, дзе той у мяне дастатак для гэтага? Мне яго і шкада было, і тады і цяпер. Я дык усё адмоўчваўся перад ім. Раз толькі ня вытрымаў, сказаў нешта груба, а ён мне ў адказ: калі, кажа, на гэткае жыцьцё, дык начорта ты мяне на сьвет пусьціў. А ты ведаеш, што гэта значыць, калі дзіця папракае бацьку, што ён яго на сьвет пусьціў? Ведаеш ты, што гэта? Дык от я і дадумаўся. Трэба на сьвеце, каб было так, што каб дзіця дзякавала бацьку за тое, што зьявілася яно на сьвет. Гэтак ці не? Ты скажы, праўду я кажу? Ну, так яно от усё. Вядома, што ўсё гэта чалавека вучыць. А сілы у мяне было — чорт яго ведае. Так я яе ўсю і ўвагнаў ва ўсякія там смалакурні і куды ты сабе хочаш. І бяз толку ўсё. Што-ж ты скажаш!.. і шкода ўсяго, самога сябе шкода, як падумаеш. Каб гэта я радзіўся пазьней крыху! Што-ж, немач мяне цяпер агортае ўжо. Гады. Дуб і той ломіцца. Камень і той крышыцца. А то — чалавек! Дзіва вялікае! А гадоў ня вернеш. Усё чалавек можа на сьвеце, а гадоў ня вернеш і роднага бацьку з маткаю за грошы ня купіш.

Тамаш дыхнуў Алесю ў твар дымам з вішнёвага свайго папяросьніка. Ішоў моўчкі, пахвостваючы на хаду пугаю па сухой мятліцы на каляінах разьежджанай дарогі. Памаўчаўшы, зноў:

— Ты, браце... От хочацца сказаць, ды часамі адразу выказаць нейк не магу. От што...

Алесь маўчаў. Тамаш папробаваў скрывіць твар нясьмелаю нейкаю ўсьмешкаю:

— Жыві ты, браце, ды пладзі дзяцей...

І яшчэ памаўчаўшы: