Старонка:Зямля (1928).pdf/225

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Іначай жыць яны будуць. Я гэта сам удзёўб сабе ў галаву і ўсім дзяўбу. Усюды гавару.

І пачаў пра нешта думаць. Шырока ступаў новымі, разношанымі ўжо ботамі. Бесьперастанку курыў. Зноў:

— Цяпер от той на мяне воўкам глядзіць, а той чакае, што з гэтага ўсяго будзе... А я...

Моцна і здорава ўздыхнуў.

— ...а я раблю і шкадую, што гады прайшлі. Што доўга не давядзецца ўжо на сьвеце пажыць.

Алесь востра бліснуў вачыма:

— Невядома.

— Што ты, браце, жартуеш!

— Хіба сябе дрэнна чуеце?

— Я-ж казаў табе, што немач мяне агортае.

— Падлячыцца.

— Што ты тут падлечышся... Прайду трохі — ногі млеюць. Як разварушацца пры рабоце, дык яшчэ нічога. А так, дык хоць і сядзі на адным месцы, як, усё роўна, ланцугом прыкованы... Не даюць веры, кажуць усё, што я здаровы, што я рухавы, а ў сярэдзіне ў мяне здароўя няма. Каму лепш ведаць, як ня мне самому. А скажы ты каму!

— Менш рабіць трэба.

— Гэта вядома.

— Ёсьць-жа, здаецца, ад каго.

— Ды яно ёсьць. Я-ж ужо і гаспадар дома так сабе, прышый, як той казаў, кабыле хвост. Сын.

— Што, з сынам ладу няма?

— Не, што ты!

— Ну, а што?

— Запраўляе ён усім. Ну, а мне што. Няхай гаспадарыць. Я от памагаю адно. Колькі магу.

Зноў закурыў. І ўсё схвостаў пугаю сухую мятліцу на каляінах. Алесь нічога не гаварыў.