Перайсці да зместу

Старонка:Зямля (1928).pdf/222

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Знаёмая.

— З Чучаноў?

— Але.

— Я недзе як-бы бачыў яе.

— Чучаноўскага Зьмітра дачка. Што Аляксандру на палавіну поле рабіў.

— Я гляджу, што знаёмы твар нейкі.

І зноў гаворка больш ня клеілася. Алесь маўчаў і думаў пра спатканую кагадзе Зьмітровую Маню з Чучаноў. Хацелася вярнуцца назад і ісьці з ёю.

— Чаму яна босая ходзіць? — раптам сказаў Тамаш, — а чаравікі ў руках нясе.

— Босай лягчэй.

— Не.

— А чаму?

— Каб чаравік у гразь не запэцкаць. А падыйдзе пад мястэчка, сядзе, абуе чаравікі і пафарсіць па мястэчку ў выглянсаваных чаравіках. Бо як-жа іначай. Босай-жа ўжо халодна ў ногі.

Алесь нічога не адказаў, і Тамаш зноў змоўк.

Раптам Алесь ускінуў вочы ўгару, агледзеў усё. Паглядзеў на Тамаша. Той нахаду роўна гойдаў плячыма. І запытаў Алесь:

— Вы, дзядзька, як, пра што вы цяпер думаеце?

— Цяпер ці заўсёды?

— Заўсёды найбольш?

— Што ты, браце, пытаеш, хто-ж яго скажа табе адразу. Жывучы — усякае думаецца. А ў маіх гадох…

Тамаш раптам ажывіўся.

— …а ў маіх гадох, дык самому не разабраць, што ва мне робіцца. Бо… — Ён яшчэ больш ажывіўся… бо гады, сказаць, праходзяць… Прайшлі, можна сказаць, гады. Гадоў назад ня вернеш. Скончана! Вядома, што чалавек ня рад гэтаму. Прайдзі