Старонка:Зямля (1928).pdf/221

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну але, мусіць, тухне ўжо.

— Чэрці, каб на вас халера! От заўсёды гэтак. Якія з вас пажарнікі!.. Абібокі, таўкачы.

— А ты. Чаго-ж гэта ты не хацеў на бочцы трасьціся? Эйш ты галава!

— А ты што?!

— Глядзі на сябе!..

— Пажарнікі, каб на вас агні.

— Ну але.

— Трасца матары вашай.

XІV

Алесь адпачываў ад усяго.

Дні былі хмурныя, мяккія. Па высокім небе плылі абрыўкі хмар, і ўсё было прасторным на зямлі.

Коні паволі ішлі мяккаю дарогаю. Ідучы поплеч з Алесем, Тамаш гаварыў:

— Нават Лявон і гаварыў дома, куды ты, бацька, паедзеш, я сам, кажа, наважу дроў. А я думаю — няхай лепш малоціць... Гэта ні то, што калодкі якія, гальлё магу і я прывязьці... Ну то як з алейняю будзе?

— От, каб як на гэтай гары вазоў не паварочаць.

— Эт...

Тамаш задыміў з вішнёвага папяросьніка. Гаворка ня клеілася. Моўчкі праехалі гору і рэчку...

— Добры дзень, — сказала дзяўчына, сыходзячы з дарогі на бакавую каляіну.

— Дзень добры,—радасна адказаў Алесь і азірнуўся.

Дзяўчына ішла ўжо далей, і вецер, трэплючы яе сіняе плацьце, рабіў постаць яе рухаваю. Хутка яна схавалася за гарою. І Тамаш азірнуўся:

— Што гэта за яна?