Старонка:Зямля (1928).pdf/220

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Алесь выпіў з ім гарбаты, маўчаў, слухаў. Той усё гаварыў, разьвіваў пляны, стараўся ўцягнуць у гаворку жонку.

Адыходзячы, Алесь паглядзеў на твар гэтага оптымістага. Твар яго быў сьветлым, жыцьцёрадасным.

Трохі расьсеяўшы ранейшыя нядобрыя настроі свае, Алесь вышаў. Ціха было на вуліцах. Каля пажарнага складу гарэў ліхтар і варушыліся каля яго чорныя постаці. Чуваць была гаворка. Недзе, за некалькі вёрст, быў пажар, ружовы промень ледзьве трапятаўся на чорным небе. Алесь падышоў. Каля помпы стаялі ўчатырох. У помпу была ўпрэжана пара коняй. У тры бочкі было ўпрэжана па каню. Хлопцы, падпяразаныя пажарнымі паясамі, спрачаліся:

— Ну, лезь на бочку.

— А ты?

— Чаму канечна я. Чаму-ж ты ня хочаш!?

— Слухай, ты, лезь на бочку.

— А ён?

— Што ён?

— Чаму-ж гэта ён ня хоча?

— Ён на помпу сядзе.

— Які ён разумны. Няхай папробуе на бочцы.

Пастаялі, памаўчалі і зноў пачалі спрачацца. Закурылі. А водблескі пажару пачалі меркнуць.

— Ну то паедзем ці не?

— Ну, а як-жа?!

— А можа ўжо ня варт?

— Як гэта ня варт! Чаму гэта ня варт! Дурны!

— Дык-жа патухла ўжо.

— Дзе яно к чорту патухла!

— Паглядзі-ж.

Непаваротлівая постаць узьлезла на бочку, глянула паверх нізкіх стрэх і платоў.