Старонка:Зямля (1928).pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Дадому яго завесьці трэба.

— Няхай пагаворыць, калі яму так хочацца.

— Няхай выкажа чалавек, калі патрэбу мае. Нашто яму рот затыкаць. Няхай гаворыць, калі якая бяда ў яго ёсьць. Гавары, Мацьвей.

Аднак Мацьвей неўзабаве ціха ўжо сядзеў на лаўцы каля сьцяны. Сабастыян стаяў каля яго, стараючыся сьцішыць яго:

— Чаго ты ўскіпеў, дзівак! Калі ты лічыш, што я цябе пакрыўдзіў, то падавай у суд на мяне, калі што з мяне спагнаць думаеш. Суд прысудзіць з таго, хто вінаваты. А то ты — халера цябе ведае, чаго ты хочаш, што ты мяне абармотам робіш перад усімі людзьмі! Чаго ты ад мяне хочаш! Дурань!

— Брат, ты абармот!

— Ты гавары больш выразна.

— Ты багацейшы, а ці памог ты калі мне?!

— Ня крычы гэтак. Няма чаго. А мне калі хто памагаў, калі на тое пашло?..

— Я табе скажу толькі адно: багаты беднаму ніколі таварышам ня будзе. Сабастыян, брат!

А тымчасам Павал стараўся ўсіх перакрычаць, даводзячы аб сваёй крыўдзе.

Тады Алесь стукам рукі па стале сьцішыў агульны шум і непарадак галасоў. Вакол стала цішэй і нават Сабастыян з Мацьвеем панізілі свае галасы. Тамаш зноў пробаваў растлумачыць, чаго ён сабраў сход, што яму было загадана зьбіраць, аднак-жа ён ня скончыў растлумачваньня свайго, бо Алесь, ня слухаючы, мацней за яго сказаў, аб чым будзе сход.

Раней, перад гэтым, кагадзе, вакол вяліся гаворкі спрэчкі аб тым, пра што павінен быў гаварыць сход. Нават сам Тамаш, калі адыходзіўся ўбок, ад стала, даводзіў, што якраз цяпер самая пара пачынаць