Старонка:Зямля (1928).pdf/217

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

так, аднаму. — Зайсьці да Волькі? — падумаў ён. У яе гарэла сьвятло. Пастукаў з вуліцы ў дзьверы. Адчыніла Волька-прыбраная, ружовенькая, у белай палатнянай блюзцы, з вышытым каўнерыкам і паяском.

— Заходзь, Алесь.

На ложку сядзела незнаёмая дзяўчына, падобная трохі на Вольку. Толькі белая, з сінімі вачыма.

— Будзь знаёмы, мая сястра прыехала пагасьціць.

— Надоўга?

— На дзён пяць.

Алесь глянуў на дзяўчыну:

— Чаму на такі малы час?

Голас у яе быў прыемны, пявучы:

— Некалі зімою прыеду, будзе тады павальнейшы час... От прыехала паглядзець, як яна тут жыве. Даўно ня бачыліся мы з ёю.

Алесю яна спадабалася. Прывабная яна была, слаўная. Такою ўяўлялася яму. Ён сеў, памаўчаў. Волька перакладвала ў куфэрку нейкую бялізну. Паглядала на яго з-пад ілба. (З таго вечару яны ня бачыліся яшчэ). Ён адчуў, што нешта між імі існуе і што трэба разбурыць некалькімі словамі. Так было нядобра. Ён паглядзеў на Вольчыну сястру. „Слаўная якая", — падумаў ён і сказаў:

— Ну я пайду.

— Пасядзі, Алесь.

— Другім разам зайду.

— Пасядзеў-бы.

— Пайду.

Волька паглядзела на яго. Ад яе зірку яму зрабілася лепш, чым было дагэтуль. Але ён пашоў, бо цяпер, у прысутнасьці сястры, нельга было якнебудзь іначай пагаварыць з Волькаю.