Старонка:Зямля (1928).pdf/218

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На дварэ пробаваў дзьмуць нясьмелы вецер. Алесь зашпіліў каўнер. Вольчына сястра стаяла ў яго вачох. І раптам вялікі сум па дзяўчыне агарнуў яго. Па дзяўчыне такой радаснай, жывой, якою ўявілася Вольчына сястра.

"Калі яна паедзе?.. Заўтра зайду"... — думаў ён. — "Куды цяпер пайсьці?"

Ішоў цёмнаю вуліцаю. Побач з цёмнымі абрысамі царквы, у Скварчэўскага, сьвяціліся вокны Хіба зайсьці? — падумаў. Пастаяў. Рашыў увайсьці.

Скварчэўскі сядзеў за сталом, разварочваў запыленыя скруткі нот. Сказаў весела, гледзячы на Алеся:

— З гары дастаў. Усё роўна, як на дарозе знайшоў. Ведаеце, што гэта за п'есы? От вам увэртура з опэры Кармэн. Бачыце? Чулі калі? Я сам у палку на флейце граў, а самую опэру ў Менску ў тэатры чуў. Я, ведаеце што?..

Скварчэўскі раптам ўсхваціўся, шмаргануў па твары рукамі, нэрвова прабегся па пакоі. Стаў перад Алесем:

— Я вам зараз... у двух словах...

— Кінь гэтае — вам, гавары — ты.

— Ты? Дык от...

Яшчэ бліжэй падышоў:

— Я дастаў рукапіс. Я заўсёды цікавіўся. У Менску, як быў... Знаёмы адзін музыкант перапісаў мне. Увэртура да пастаноўкі дзяржаўным тэатрам п'есы... От забыў якога пісьменьніка... Чужаземнага нейкага... Спадчына, завецца п'еса тая. Увэртура, капэля і хор галасоў разам. Ведаеш?.. Мы клясычныя рэчы будзем тут граць. Я кажу. Ведаеш ты, таварыш Алесь, я жыць цяпер пачаў...

Раптам глянуў у кухню:

— Люба!