Старонка:Зямля (1928).pdf/216

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Алесь, стараючыся больш не гаварыць пра гэта, сьціснуўшы губы і памаўчаўшы, адказаў:

— Ну няхай ідзе, каму якое дзела.

Маці ўздыхнула і сказала:

— Загарадзі ты, сынок, у садзе каля вуліцы тую граду, пакуль зямля не замерзла. А то вясною таксама не прыбярэшся, як і цяпер, і таксама ня будзе дзе расады пасеяць.

— Чаго вы, мама, злуеце?

— Я ня злую.

— Не, злуеце.

— Калі бо ты гэтакі гаспадар.

— Які-ж я гаспадар?

— Такі, што за ўсю вясну ня прыбраўся нават плоту загарадзіць.

— Але-ж вы нікога не наймалі плот гэты загараджваць!?

— Не наймала, але без свае расады была.

— Я вам дастаў чужое, але лепшае за гэтую вашу сваю.

— Табе нічога ня трэба. Калі заводзіш гаспадарку, дык ня гэтак трэба займацца ёю. Трэба пільнавацца яе, а не прападаць вечна на гэтых сваіх ячейках.

— Чаго вы ад мяне хочаце?

— Жаніся ты. Я не магу адна ў хаце, старая. Не гады мне. Табе пра мацеру і галава не баліць.

— Чым я вас калі крыўдзіў?

Яна яшчэ нешта пачала гаварыць, стараючыся давесьці сваю праўду. Алесь моцна стукнуў дзьвярыма і пашоў з хаты. Хацеў пайсьці да каго з суседзяў, але пабаяўся, каб не патрапіць на гаворку пра каморнікава вясельле з Барановічаваю Ганнаю. Пастаяў на вуліцы, пакурыў. Падышоў да сельсавету. Там было цёмна і пуста. Нядобра было яму