Старонка:Зямля (1928).pdf/208

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дажджу. Пастаяла на вуліцы, пачула музыку. Пашла ў той бок. Музыка была ўсё ў тым-жа садзе, дзе быў сельсавет. Увайшла ў сад. Шумна было; людзей было шмат. Акно з сельсавецкага пакою было адчынена. Накурана ў пакоі было вельмі, і дым выплываў праз вакно. Знадворку ў вакно навісла куча хлопцаў. Дзяўчаты сядзелі на лаўках. У сярэдзіне было цесна і таксама шумна. Хлопцы сядзелі на сталох, на лаўках, на крэслах. Сядзелі цесна, глядзелі на расстаўленыя перад імі ноты. Дзяк Скварчэўскі стаяў перад імі, у тоўстым жаўтаватым фрэнчы, кусаючы ніжнюю губу. У руках трымаў белую, тонкую, кагадзе выструганую ім самім з жаўтаватага дзерава палачку. Выгляд у яго быў вясёлы; вочы сьмяяліся, зубы кусалі ўсё ніжнюю губу. От ён пастукаў аб стол сваёю палачкай, выцягнуў яе перад сабою, роўналежна з ёю выцягнуў і левую руку. Узварухнуў леваю рукою, адкінуў у бок правую руку з палачкаю. І нават паціснуў плячом, скрывіўшы на левы бок увесь твар свой. Грунулі медзяныя зыкі, і ў наступны-ж момант, звыклым ужо рухам рук, зноў сьцішыў Скварчэўскі ўсю капэлю:

— Габой, габой! У такт пападаць трэба... Флейты, сьмялей!

І зноў махнуў палачкаю. Цяпер хвілін дзесяць грымела капэля. Скварчэўскі, сочачы і вушыма і вачыма за ўсім, толькі ледзьве паварушваў рукамі, крывячы часта твар у бок флейты. Клемусь баязьліва глядзеў на яго, палохаючыся кожны раз, калі здаралася дзьмухнуць у трубу ня ў тахт.

— Ня курэце, грамадзяне, — папрасіў Скварчэўскі, скончыўшы.

— Акно адчынена, выцягне.

— Хто хоча курыць, можа на двор выйсьці.