Старонка:Зямля (1928).pdf/187

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўжо можна было-б і па нотах вучыцца. А то ўжо другі тыдзень на адных гамах трымае. Цярпеньня няма, хочацца каб скарэй.

— Мала што хочацца. У нас, бывала, у палку капэльмайстар дык навічкоў па два месяцы на гамах трымаў. Але за тое музыканты выходзілі, дык проста калі заграюць, дык ня еў-бы, ня спаў-бы, а слухаў... Я папамаршаваў пад палкавую музыку. Бывала калі грануць! Або вечарам калі, як у Магілеве стаялі, выйдуць на пляц за казармы ды калі дадуць-дадуць! Поўгораду сыходзілася граць ды слухаць.

— Ты гэта можа там у бубен грукаў?

— Не, гэта я сам праз сябе... Давайце польку ўрэжам?

Урэзалі польку. На пляцоўцы, выразанай улетку комсамольцамі для футболу, некалькі пар пачалі скакаць. Каля музыкантаў стаялі і сядзелі дзяўчаты і хлопцы. Юрка стаяў там-жа непадалёку ад Ганны і, млеючы ад няведанага і незразумелага стуку ў галаве і грудзях, пачаў пільна глядзець на яе. На яе галаву, на постаць — там, дзе сукенка была перацягнена вузенькім поясам, ніжэй пояса, дзе гусьціліся тонкія фалды кароткае сукенкі. Нібыта неназнарок, няпрыметна, падышоў яшчэ бліжэй і, нічога не разумеючы, адчуваў як кружыцца ў галаве, кружыцца ўсё перад вачыма, ад дзіўнай блізкасьці Барановічавае Ганны. Было ўсё нова, незразумела, таемна, ніколі няведана. І ён мучыўся ад жаданьня дакрануцца да яе сукенкі. Гінулі і туманіліся думкі.

От Клемусь зноў узяў Ганну пад руку і павёў па садзе. Музыканты ўсё рэзалі польку. Мікалай схіліўшы на бок галаву, грукаў у бубен — то пальцам, пастаўленым старчком, то выгладжанаю палачкаю.