Старонка:Зямля (1928).pdf/188

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Юрку раптам стала цяжка дыхнуць. Ён уздыхнуў і, як п'яны, адышоўся ад музыкантаў. Нехта з хлопцаў падсьпеўваў музыкантам:

Цячэ рэчка праз мястэчка
Долам ня глыбока...

З другога боку нехта перабіў:

Як убачу Пятруся,
Дык у бокі бяруся.

Полька неўзабаве сьціхла. Каля брамы многа галасоў засьпявала:

Ня ведала зязюля, як у лесе жыць.
Ня ведала маці, як дачушку збыць.
Збудзеш мяне, маці, за адзін дзянёк,
Адно-ж не забудзеш за доўгі гадок.
Будзе мая лыжачка сухая ляжаць,
Будуць мае сьцежачкі травой зарастаць
Будзеш, мая матачка, работку заступаць.
А я тваю месьцінку дзяцьмі засаджу,
А я тваю лыжачку сьлязьмі аблію,
А я твае сьцежкі сама пратапчу,
А тваю работку сама заступлю.

За брамаю зьбіраліся слухаць. Гаварылі, слухалі, самі памагалі сьпяваць.

У садзе зноў ішла полька, з нечаю прыпеўкаю:

Нашы хлопцы абы вечар.
Каля дзевак круцяцца.
Павал-жа з Сабастыянам
За камандзіраў вучацца.

Сабастыян, стоячы каля брамы з мужчынамі, забубніў:

— Урвіцелі, каб яны галовы паскручвалі, фуліганты, басякі! Песьні складаюць, каб яны галовамі панакладалі.