Старонка:Зямля (1928).pdf/186

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— От можа-б табе дадому пайсьці, — адказаў Мікалай, чаго табе тутака таўчыся, ці гэта канпаня? Дома бацька шукаць будзе.

— Я зараз пайду, — адказаў Юрка і ўшыўся ў кучу хлопцаў і дзяўчат.

І нечакана знайшоў там Юзіка. Той пабліскваў вачыма і глядзеў, як Клемусь трымаў за рукі Барановічаву Ганну.

— Здароў Юзік, — сказаў Юрка.

Хацеў падаць руку і не падаў.

— Здароў... Чаго ты прышоў?

— А ты?

— Так сабе.

— І я так сабе.

І абодва пачалі моўчкі глядзець на Клемуся і Ганну. І саромеліся глядзець адзін на аднаго. От Клемусь узяў Ганну пад руку і пашлі яны паволі па белым садзе. Юзік і Юрка разышліся ў розныя бакі. Мікалай пробаваў вялікім пальцам бубен і, патрасаючы яго, слухаў звон шамкоў і бляшак. Так маўчаў і глядзеў на ўсіх. Дзяўчаты хадзілі з хлопцамі, стаялі, сядзелі. Хлопцы жартавалі сваволілі. Музыканты гатовы былі граць, сядзелі з Мікалаем-тры скрыпкі. Мікалай пытаўся:

— Нешта-ж гэтая ваша палкавая музыка ня чутна нідзе. Струмант купілі, а нічога нідзе ні гэтае.

— Якая гэта палкавая?

— Ну што трубы справілі.

— А, гэта? Дзяк вучыць граць.

— Вучыць? Ну, як?

— Нішто сабе. Толькі, падла, зацягвае трохі работу. Адразу, сукін сын, па нотах вучыць пачаў. Няхай-бы раней бяз нотаў панавучваў што самае патрэбнае — ну вальца, там, польку, марш. А тады