Старонка:Зямля (1928).pdf/185

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У хаце нікога ня было. Кагадзе Юрка падмёў хату; трохі яшчэ пахнуў сухі пыл, але стала чысьцей і прытульней. Водблескі захаду жоўцілі зямлю і сьцены. Мікалай паправіў бубен, патрос у руцэ, загрымеў па бубне вялікім пальцам, паставіўшы яго старчком, і міргнуў Юрку. Абуваючы мацерыны чаравікі, Юрка ўсьміхнуўся.

— Куды ты абуваешся?

— Пайду пагляджу як вы бубніце.

— Ідзі сабе паглядзі.

— А дзе гэта гуляць будуць?

— Куды паклічуць... Па мяне павінны хлопцы зайсьці.

Хлопцы зайшлі яшчэ праз гадзін дзьве. Мікалай сярод іх быў, як бацька; гаварыў ціха і ўсё падкручваў свае рыжыя вусы. Юрка не пашоў усьлед, а вышаў на вуліцу і выпільнаваў куды яны пашлі. І сам пашоў, некалькі хвілін счакаўшы. Тады яшчэ музыкі ня было, а два музыканты падкручвалі струны на скрыпках, просячы хлопцаў не падсьпеўваць і даць настроіць скрыпкі. Было холадна, так, як можа быць холадна ў месячны вечар апошніх тыдняў восені, калі і туман сядзе за ноч кроплямі вады на платы, і позьнія яблыкі чырвоняцца яшчэ на дрэвах. Зямля ня мерзла яшчэ, была яна халоднаю, мяккаю, і пахла яна моцна і востра. Пусты сад каля сельсавету здаваўся прасторным і белым. Бялелі платы, бялелі лаўкі, паробленыя хлопцамі летам. Шумна было.

Музыканты ўсё падкручвалі струны. Мікалай быў тут ціхім і нават сарамяжным мог здавацца. Вакол яго былі ўсе маладымі і вясёлымі.

— Зараз пачнуць граць? — запытаўся Юрка, аціраючыся каля Мікалая.