Старонка:Зямля (1928).pdf/184

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
VІІІ

У суботу пад вечар, калі заходзіла халоднае сонца, між Юркам і крываносым Мікалаем Жыгунцом адбылася гаворка. Мікалай дастаў з паліцы сыр, паскроб зьверху нажом і пачаў есьці. Юрка скроб моркву і храбустаў зубамі. Мікалай сказаў:

— Ідзі сыра пакаштуй.

Юрка каўтнуў сьліну і адмовіўся:

— Я не хачу.

— Чаму?

— Так сабе.

— Ідзі, дурны.

Юрка падышоў да стала і смачна пачаў есьці. Мікалай абуў новыя боты, добра нацягнуў угору халявы і дастаў з паліцы бубен. Адна бляшка на бубне была пагнутая і ён пачаў адгінаць. Юрка запытаў:

— Нашто вы бубен дасталі?

— Бубніць пайду.

— Калі?

— Як зьмеркне.

— Навучэце мяне бубніць.

— Вучыся.

Юрка памаўчаў і сказаў:

— Няхай яно згарыць.

— Што?

— Што ботаў няма. Тата ўсё кажа, што закажа прышвы і не заказвае.

— От я ў панядзелак заплачу за кватэру, дык будзе і на прышвы.

— На гэта знойдзецца іншая дзірка.

— Я сам тату скажу.

— Хіба скажэце, а то тату нават і не ў галаве.

— Я скажу.