Старонка:Зямля (1928).pdf/183

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Унь Тамаш стары, а хаця каб вы ўсе гэтакія былі.

— Што ты нас старых перавучваеш.

— Хіба я перавучваю?

— І не перавучвай. Усё роўна нічога ня будзе. Якім чалавек нарадзіўся, такім і памрэ.

— Ну, а сыны твае?

— Што сыны?

— Як яны? З табою-ж, дзядзька, ня ладзяць. Ці гэта яны такімі ўрадзіліся, ці гэта што іншае?

— Яны ўрадзіліся такімі, якімі ім трэба было. А што ня ладзяць з сабою і са мною, дык з салодкага жыцьця сварыцца ні з кім чалавек будзе. Я табе гавару.

— Значыцца ўсё нанава трэба?

— Дык яно-ж усё нанава і робіцца.

— Значыцца лепш?

— Не спавядай ты мяне.

— Я так, пытаю.

— Нашто ты з мяне выцягваеш?

— Ды мне што.

— Гэта справа ваша, маладая.

— А каб гэта ты, дзядзька, абмаладзіўся?

— Бог ведае.

— А яно добра было-б.

— Табе лепш ведаць.

— Чаму канешне мне, усякі павінен ведаць.

— Гэта, як што.

— А ведаеш, дзядзька, у тваіх сыноў народзіцца слаўнае пакаленьне. Непадобнае на нас. І гэта мы ўсё стараемся, каб яно было, гэтае пакаленьне.

— Каб твае словы ды богу ў вушы.

— Значыцца добра?

Белабароды Павал зноў памаргаў вачыма.