Старонка:Зямля (1928).pdf/178

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Няўжо-ж, патвойму бедняку прападаць трэба. Хітры ты вельмі. Ты-ж сам ня ведаеш, чаго ты хочаш.

— Чаму гэта я ня ведаю.

— Ён то ведае, чаго ён хоча.

— Ну чаго-ж ён хоча?

— Чаго хоча? Хоча, каб яго самога выбралі за камітэтчыка.

— Ён-жа быў ужо камітэтчыкам.

— Калі?

— А як кагадзе што слабода прышла.

— Дык гэта не такі камітэт. То быў лясны камітэт, а гэта для дапамогі бедным.

— Няхай сабе лясны, абы быў.

— І яшчэ як быў. Каму воз дроў, а сабе, дык два. Яшчэ і цяпер бярозаю у печы паліць. Бяроза, як звон.

— Каб ты гэтак жыў. Ідзі паглядзі, чым я у печы палю.

— Чаго я пайду глядзець.



— Не, ты прыдзі паглядзі. А то нічога ня ведаеш, а язык так і матляецца за вушыма. Ты вазьмі сьведкі і прыдзі паглядзі.

— Чаго я пайду, чаго я ня бачыў!

— Пайдзі, пайдзі да яго. Паглядзі пайдзі, як ён зранку з бабаю перакідаецца.

— А ты што за правярайла гэтакі знайшоўся. Прычым тут з бабаю. Што ты мяне старога бэсьціш, смурод ты!

Хто зарагатаў, хто ўнурыўся ў каўнер. Падыходзілі ўсё больш людзі. Зьявіўся Алесь. Клемусь стаяў, уціснуўшыся бокам між Юлікам Барановічам і белабародым Паўлам і, як звычайна, варушыў каленьмі. Волька злажыла свае паперы і пашла, і дзень ужо пачаў братацца з вечарам. Тамаш