Старонка:Зямля (1928).pdf/177

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і ня можна так гаварыць. Але скажу, я добра яго ведаў.

Тамаш пусьціў з роту дыму, падняў галаву і падзьмухаў у дым. І сказаў:

— То ты, значыцца, чалавеча, на камітэт крыўдуеш, што Базылец пляцам карыстаецца, а Мацьвей два пуды грэчкі ўзяў?

Павал адказаў:

— Я ня гэтае.

— Якое, — ня гэтае, гавары мне выразна!

— Я ня крыўджуся. Я пры свойцы застаюся. Ніхто нічога ў мяне не забраў, чаго мне крыўдзіцца. Адно што ўсе людзі гавораць.

— Тваім людзям, мусіць, лепш было-б, каб які-небудзь Базылёў, або Мацьвей у вас пад бокам мучыўся ўвесь век.

— Ніхто чужое пакуты ня хоча.

— Ну дык чорт-жа цябе разьбярэ, чаго ты хочаш. Чым табе я не ўнаравіў.

— Я на цябе жаднае крыўды ня маю.

— Ну, дык чаго ты зьвягаеш, чэрці цябе ведаюць. Што гэта за народ халерны Трэба-ж каб дзела варушылася. Ня буду я, будзе хто іншы.

— А нашто табе так многа. Ты і ў сельсавеце, ты і ў камітэце гэтым.

— Будзь ласкаў, стань ты!

— Дык не аб гэтым ход.

— А аб чым-жа ход? Я ні там, ні тут грошай не бяру.

Пачуліся галасы:

— Што ты, Павал, сьветам брыдзіш. Што ты за чалавек. Ты выразна скажы, калі крыўду або патрэбу якую маеш, а то якраз як Вашыновіч — гаворыць, гаворыць, а нічога ня скажа.

— Чаго ты, Павал, галаву дурыш.