Старонка:Зямля (1928).pdf/175

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

падцягваючы хворую нагу, падвалокся пад Тамаша, пачынаючы гаворку:

— Або сіберны холад пачнецца, або мокра стане на дварэ.

Тамаш дзьмухнуў у папяросьнік:

— Адкуль ты ведаеш?

— Нагу ў мяне зноў ламаць пачало.

— Чаму-ж ты яе ня грэеш як-небудзь, а па дварэ валочышся. Каб яна была ў цяпле, дык яна ня так-бы балела.

— Чорт-жа яго ўседзіць у хаце. Жывучы, трэба варушыцца. А работа, сказаць, ня цяжкая, падатковыя квіткі прышоў выправіць.

Белабароды Павал падаўся да Тамаша:

— Чаму гэта ты ў гэтым камітэце нічога ні гэтае. Раз цябе паставілі, дык ты, пакуль цябе ня зьнімуць, трэба каб вёў дзела як мае быць, а ні то што.

— Чаму, а што ты нядобрае ўгледзеў?

— А што-ж, гэта добра?

— Што?

— Чаму гэта Мікіта Базылёў мае права дарэмна мець карысьць ад Паўлічыных агародаў. Калі Паўліха памерла, дык які гэта Мікіта асэсар, што яму спадчына застаецца, бяз дай прычыны?

— А табе мала свайго агароду?

— Мне непатрэбна чужога, але я хачу дайсьці праўды.

— Ну то як-жа патвойму?

— Няхай арэнду плаціць. Невялікую, але плаціць няхай.

— А ты за свой агарод каму арэнду плаціш?

— Ён мой, спрадвеку.

— А гэты цяпер Мікіты Базылёвага.

— Чаму гэта ты распараджэньні гэтакія даеш?