Старонка:Зямля (1928).pdf/171

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Алесь, родненькі, ты паслухай...

— Ну я слухаю... Слухаю я!

Яна раптам затраслася ад моцнага плачу, прыпёршыся плячом да яблыны. Алесь стаяў, узьлёгшы на нізкі плот і глядзеў на яе. Усяго некалькі хвілін цягнулася гэта.

— Алесь.

— Ну?

— Чаго ты такі злосны...

— Нязлосны я.

— Чужы...

— А якім-жа мне быць яшчэ?

Нешта яна як-бы хацела зрабіць ці то сказаць. Памкнулася падыйсьці да Алеся, зьняла з заплаканага твару рукі. Алесь маўкліва і жорстка глядзеў на яе. І яна зноў уздрыганулася ад плачу і, кінуўшы ўсё, пабегла ў двор. Алесь тут доўга не стаяў. Было яму прыкра, нядобра. Вярнуўся агародамі назад, папробаваў узяцца дома за работу, — усё валілася з рук. Тады ён адзеўся чысьцей і пашоў у ячэйку.

Волька пералічвала старыя нейкія, запыленыя паперкі і сшывала іх суравымі ніткамі.

— Нікога няма яшчэ?

— Рана-ж яшчэ.

— Усе прыдуць, ня ведаеш?

— Адкуль-жа я ведаю, мусіць усе... Чаго ты такі?

— Які?

— Нейкі...

Ён сеў насупроць яе і заўважыў: нос у Волькі кароткі і прыгожы, чуць завостраны на канцы; вочы маленькія, рыжыя, твар з дробнымі рысамі. Як сьмяецца або гаворыць — відаць два рады густых зубоў і на перадзе ўверсе аднаго зуба няма — цёмная дзірка.