Старонка:Зямля (1928).pdf/169

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дагледзіць. У яе ня будзе як у іншае ў хаце непарадкаў. Гэта не дзяўчына, а золата. Ні то што я што-небудзь маю проці Вашыновіча ці проці яго дачкі, яны мне аднолькавыя прыяцелі, і Вашыновіч і Барановіч і ня люблю я ў чужыя справы ўмешвацца, або ў чужую гаворку язык утыкаць, але далёка яшчэ той да Барановічавае Ганны. Гэта не абсудак, а праўда. Я не кажу, мае родныя, што Вашыновічава дзяўчына дрэнная ці якая-небудзь няўдалая. Не, нашто гаварыць, нашто выдумляць. І тая — і зробіць усё, і паслушная, і ўмее усё. І ня брыдкая. Але калі паставіць іх поплеч, дык вядома што Ганна... Няма чаго і раўняць.

На гэтым гаворка спынілася, але жонка Барановічавага кума назаўтра прышла сварыцца да Сабастыяніхі:

— Нашто ты гаварыла, што мая дачка нікуды ня варта. Што яна і няўдалая, і дурная... І нічога рабіць ня ўмее, і брыдкая.

— Калі гэта я гаварыла?

— Учора.

— Каму?

— Людзям. Думаеш я нічога ня ведаю?

— Бо і ня ведаеш.

— Ведаю.

— А ты чула, як я гаварыла?

— Чула.

— Каб ты гэтак царкоўны звон чула!

— Каб гэтак і чула... Усе людзі чулі, як ты маю дачку бэсьціла. Што табе мая дачка зрабіла, што ты яе абгаворваеш. Яна табе шкоды якое нарабіла ці што? Або я табе што прыкрае зрабіла?

— Чаго ты вяжашся да мяне?

— Людзі добрыя. Апалосквае чужыя косьці, ды яшчэ чаго вяжашся! Якая ты, ліха табе, сьвятая!