Старонка:Зямля (1928).pdf/168

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

жыцьці надыходзіць, а ўсе ўжо ведалі. Ведалі больш за самую Ганну і гаварылі больш, як ведалі. Ведалі нават, што Ганна гатова адрачыся нават бацькоў, калі ня будуць дазваляць ёй ехаць разам з каморнікам, ведалі, з якога дню і як пачалося ў Ганны і каморніка каханьне, ведалі, колькі каморнік будзе браць гэтаю зімою пэнсіі і колькі будзе браць, паслужыўшы два гады, каб адно было спакойна на сьвеце. Выходзіла, што бярэ ён нешта чуць ні восемдзесят рублёў кожны месяц і от пачалі зайздросьціць і Ганьне і Барановічу. Нават кум Барановічаў, і той гаварыў раз:

— Я чалавек незайздросны. І нікому ніколі я не зайздросьціў і зайздросьціць не хачу. Якім я ўрадзіўся, такім і памру. Чужога мне непатрэбна, каб мне адно бог даў здароўе сваё спажыць. Але магу сказаць, што Юлік, хоць і кум мне, але чалавек ён от які! Ня мог хіба каморнік да мяне на кватэру застацца ці што? і ў мяне хата ня горшая, за яго. Дык не, наўзахапы пабег, каб адно чалавека да рук прыбраць. І прыбраў. Лепшага зяця з сьвечкаю ня знойдзеш. А хіба мая дачка брыдчэйшая ці горшая за яго Ганну?

Праўда, гаварыў ён гэта толькі сваёй жонцы, аднак-жа назаўтра Сабастыяніха, як сталая жанчына і гаспадыня, гаварыла суседкам:

— Бог з імі, на што мне ў чужыя справы ўмешвацца, не мая гэта справа. Каму якая справа да каго... Гэта, гэты самы Янка Вашыновіч, дык-жа ён злуе на кума свайго Юліка, што той маецца аддаваць за каморніка дачку. Памойму, чаго тут злаваць, калі і сапраўды, там дзяўчына як лялька, адно паглядзець на яе. Яна, як кветка, гэтая Юлікава Ганна. І вучоная, і прыгожая, і натуры добрае, і працавітая. Яна табе ўсё зробіць, усяго