Старонка:Зямля (1928).pdf/158

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

выходзіць, што толькі і цымусу ў яго, што ён, тымчасове, пагаварыць умее. Языком папрацаваць, дык у яго на гэта хапае досьціпу. А калі дзе што якое, дык, тымчасове, клёку з яго жаднага няма. І быць ня можа. Калі гэта ўсё нясталыя людзі! За плячыма павінна што-небудзь у чалавека быць, каб заўсёды прыперціся да чаго льга было...

Каморнік злажыў прылады і разглядаў свае, абветраныя палявым пылам, гетры.

— Я чалавек, тымчасове, такі... Я, можна сказаць, пабачыў сьвету, пабачыў людзей... Я вас, таварыш каморнік, паважаю і нават гонар мне самому, што вы ў кума майго закватаравалі: ня трэба вам цяпер гаспадарка, дык на ўсялякае здарэньне дрэнна, што няма як, значыць, трымаць зьвесткі з домам... Я, здаецца, нічога тут такога не сказаў, я ўсё, як найлепей... Ну, на весну ярыну будзем сеяць. Памерана, здаецца-ж, стараліся. Каму якая крыўда і ёсьць, дык патроху забудзецца. Усё на сьвеце забываецца... От як мой Сымонка — сынок памёр, пухам яму зямля, дык думалася, што век нудзець буду, а тымчасам усё нейк згладзілася, душа нейк паспакайнела. І цяпер шкода, шкода і горна часам бывае, але ўсё-ж ня тое. Я гэта адкрыта гавару, бо ўсякі ведае, што ня вораг-жа я свайму роднаму дзіцяці... Усё забываецца, праходзіць. Таксама і тут, і ўсюды. Будзем жывы — меркаваньне нейкае прыдзе.

Тамаш падаў голас:

— Гэта ты сам крыўду зьбіраешся забываць, ці за нейкага іншага гаворыш?

— Я і за сябе і за ўсіх. Я то ня крыўдую ні на каго. Зямля як зямля. Я толькі — гэта да слова прышлося.