Старонка:Зямля (1928).pdf/155

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Здаецца, гэты кавалак нам адзначылі?

— Гэты. Я на першай тычцы нажом знак зрабіў.

— Некалі вясною авёс пасеем.

— Авёс?

— Ува ўсіх ярына будзе... Хадзем.

— Я застануся.

— Чаго?

— Так.

— Заставайся, калі гэтак хочаш.

Юрка пашоў да кустоў, дзе стаялі і сядзелі на зямлі мужчыны.

— Чаго ты, малы, трэшся тут, — жартаўліва сказаў Тамаш, — зьмерзьнеш.

Юрка чмыхнуў носам і адказаў:

— Мне ня холадна.

— Цяпер спраўляй, сынку, добрую снасьць, набывай каня, ды... — бачыў свой кавалак?

— Бачыў. Я нават на тычцы нажом знак зрабіў.

— Маладзец, сынку.

Юрка сеў на травяную каляіну, поплеч з Тамашом. Тамаш даваў закурыць каморніку. Барановічаў кум зьбіраў і складаў каморніцкія прылады. Скручваючы сталёвую істужку, ён заўважыў:

— Чорт яго ведае, можа яно і лепш будзе цяпер.

Тамаш не сьцярпеў:

— А ты-ж раней охкаў усё, ды бедаваў.

— Не сказаць, каб я і охкаў лішне.

— Ну, то так лямант паднімаў.

— Калі гэта я паднімаў той лямант?!

Каморнік падышоў да Алеся і сказаў:

— Праз дзён чатыры я выяжджаю. Трэба гэтымі днямі нам разьлічыцца з сельсаветам.

Алесь вельмі панура зазначыў:

— Разьлічымся.