Старонка:Зямля (1928).pdf/151

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Клемусь пачуў і вышаў у сенцы:

— Я ад Юрася прынясу, — сказаў ён.

— Прынясі, сынку, — падаў голас Тамаш.

Праз дзьве хвіліны Клемусь зьявіўся з скрыпкаю. Тамаш сеў на парозе і дастаў з кішэні вішнёвы папяросьнік. Старац патрумкаў пальцамі, падкруціў струны, прыпёр скрыпку да жывата і даў наотліў смыка па струнах. Заграў нешта падобнае да полькі і граў на дзьвёх струнах адразу. Клемусь сеў каля яго і пачаў пастукваць у тахт нагамі. Утуруючы сабе на дзьвёх струнах, старац засьпяваў:

Ды, божа-ж мой вышні,
Ды ці я-ж у цябе чалавек лішні,
Ды ці я-ж калі ў царкве бываю,
Ды ці я-ж калі карчму мінаю...

І раптам як-бы надакучыла яму гэта. Сьціх, падумаў і пачаў другое:

За гарою камяною
Расьце жыта з лебядою,
А пшаніца з асакою.
Там дзяўчына жыта жала,
Правай рукой серп дзяржала,
Левай сьлёзы выцірала...

І ўсё ўтураваў сабе на дзьвёх струнах.

— Заграў-бы ты што вясёлае, — папрасіў Клемусь.

— Вясёлае? Можна і вясёлае:

З-пад дубовага карэньня
Ручаінай вада бегла...

— Хіба-ж гэта вясёлае?

— А якое-ж табе вясёласьці патрэбна?

— Каб усё ходырам хадзіла.