Старонка:Зямля (1928).pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ходыра-а-ам? На табе ходырам.

Заскачу, заскачу,
За старога не хачу...

— О, гэта самы раз!

А той усё граў і нават паварушваў у тахт плячом. А пасьля і лапцямі пачаў паварушваць. У сенцы пачалі зьбірацца суседзі. Маці, дастаўшы з печы скавараду, высунула галаву ў сенцы:

— Ціха, вар'яты, у будзённы дзень гульню распачалі. Зараз усю вуліцу зьбераце. Клемусь, гэта ўсё з цябе сьвет гарыць!

— Нічога, цётка, от няхай крыху падвяселіць народ. Нічога яму ня зробіцца. Няхай грае.

І прыбраў з стала пустую бутэльку, закінуўшы яе на гару. У дзьвярах чуліся галасы:

— От табе і музыка, хоць бярыся ў бокі ды скачы.

— Дык-жа ён, падла, лоўка грае.

— Ня так грае, як сьпявае.

— А што, ён, можна сказаць, з сьпеваў гэтых сваіх ды з модлаў хлеб есьць... Гэта ён сваю скрыпку носіць, ці гэта тут дзе дастаў?

— Даўней, дык старцы з лірамі хадзілі, а гэта з скрыпкамі пачалі.

— Не, гэта Клемусева скрыпка.

— Але граць умее.

— Старцы да гэтага здатныя.

— От смыкам пілуе...

Старац, тым часам, ледзьве варушыў смыкам. Скрыпка кідала ўжо толькі кароткія, абрывістыя зыкі ўтуру, адзначаючы тахт новай яго песьні:

Маці, маці,
Салдат у хаце;
Грукае,
Стукае,
Не дае спаці.