Старонка:Зямля (1928).pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ежце на здароўе... я вас доўга затрымліваць ня буду. Я от заяву напісаў публічную. Я папрасіў-бы вас на момант у хату.

Алесь увайшоў. Старац абуваў лапаць.

— От я прачытаю.

Дзяк дастаў з кішэні паперку і ціхавата прачытаў:

"Служачы дванаццаць год дзяком, я пераканаўся ў тым факце, што бога няма, а рэлігія зьяўляецца сродкам для атручваньня народнае сьвядомасьці. Хрыстос, калі-б ён сапраўды быў, сам-бы асудзіў дзеяньні духавенства, якое, прапаведуючы бога, зусім аб ім ня думае і ў сваім асабістым жыцьці зьяўляецца фактычна пасьлядоўцам атэізму. Ня хочучы больш зьяўляцца дапаможнікам атручваньня народнае масы, я выракаюся рэлігіі, яшчэ раз пацьвярджаючы, што яна зьяўляецца ашуканствам і дурманам для народу. Былы дзяк Якуб Скварчэўскі“.

— Гэта мы выкарыстаем для антырэлігійнай пропаганды, — сказаў Алесь.

— Можна.

— Толькі каб трохі сталей напісаць як. Слова атэізм...

— Можаце перапісаць самі, а я падпішу. Як умеў, так пісаў. Што-ж я — клясаў не праходзіў.

— Ідзі, чалавеча, чарку на дарогу выпі, і пагрэйся, — сказаў Тамаш, усадзіўшы галаву ў хату і зірнуўшы на старца.

Старац, як дуж, шмаргануў у сенцы. Там яму засталося яшчэ на дзьве чаркі. Клемусь увайшоў у хату. Алесь апранаўся ісьці на поле. Дзяк разьвітаўся і пашоў.

— От каб была скрыпка, я вам заграў-бы, — чуўся з сянец голас старца.