Старонка:Зямля (1928).pdf/149

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Алесь сеў абувацца. Клемусь усё цыкаў у качэргі сьліну. Алесь моўчкі накручваў на ногі анучы і ўсьцягаў боты. Пахла ў хаце гарачымі блінцамі і скваркамі. Ад агню ў пэчы грэла на ўсю хату.

— Гэта сёньня гаспадынька з хлебам? — сказаў старац.

— Але, хлеб сёньня пяку, адказала маці.

Навала смутку па Ганьне душыла Алеся. Падазронасьць і трывога не прападалі. Вечарам думаў ён канчаткова сказаць, каб яна паведаміла бацьку пра вясельле.

— Алесь, давай вып'ем, — зноў падышоў да яго Клемусь.

— Давай, — сказаў Алесь.

— Я прынясу.

— Толькі-раз-два.

— Як бачыш.

Клемусь выскачыў з хаты і праз хвілін пятнаццаць прынёс у кішэні картовых галіфэ пляшку. Маці вынесла ў сенцы блінцоў і скварак, і сама разам з хлопцамі выпіла чарку. Хлопцы выпілі па дзьве вялікія чаркі. Неўзабаве зьявіўся з мокрымі вужышчамі пад пахаю Тамаш і таксама выпіў чарку.

— Люблю скваркі салоныя, — сказаў ён, кусаючы блінец.

— Дзе вы, дзядзька, вужышчы намачылі? — сказаў Клемусь.

— Забылі ўнесьці ўчора ў гумно, начавалі на прыгуменьні, дык ці гэта ад расы якое, ці ад туману.

Раптам дзяк зьявіўся ў сенцах.

— Добры дзень... Сьнедаеце?

— Сьнедаем. Калі ласка.