Старонка:Зямля (1928).pdf/148

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пратаптаную дзірку ў лапці. Клемусь быў рад, ня мог захаваць свайго захапленьня. Маці паліла ў печы.

— Давай, Алесь, вып'ем, — сказаў Клемусь.

У Алеся і самога да гэтага быў настрой. Але ён сказаў:

— Вы, сукіны сыны, п'яце і падрываеце аўторытэт.

Клемусь трохі засмуціўся, нават пачырванеў і адказаў:

— Хто табе сказаў?

— Гэта ня важна — хто сказаў.

— Не, ты скажы хто.

— А табе ня ўсе роўна, хто казаў?

— Брахня. Гэта мала калі бывае.

— Вы п'яце і чорт вас ведае, што робіце, п'яныя. Хуліганамі робіцеся, ліха вам... Тамаш гаварыў, калі ты хочаш ведаць! Пляваў, лаяў на чым сьвет стаіць. І праўда. Што гэта за работа, хлопцы! Ты гавары, што гэта было ў вас у тую нядзелю?

— У якую нядзелю?

— Што ты віляеш?

— А-а-а, у тую?

— У тую.

— Нічога ня было. Мы з Петрыкам выпілі, ды з дзяўчатамі дурэлі.

— А чаго Макаркава дзяўчына ўцякла адтуль з плачам?

— А чорт яе ведае.

— Дык от... Ня можна так, браткі. Калі выпіў дзе, дык спаць ідзі, каб цябе тады ня было ня відаць, ня чуваць...

Клемусю надакучыла гэтакая гаворка.

— Гэта сёньня з зямлёю канчаецца?

— Сёньня.