Старонка:Зямля (1928).pdf/147

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ганна, ты-ж такая, як і раней была. Нікога няма больш... Годзе чакаць ужо.. Ня трэба больш... Разам будзем. Ты скажы... Скажы ты. Ну?.. Ганна...

Галава яе зноў затраслася ад плачу.

На дварэ нехта прайшоў цяжкімі крокамі.

ІІІ

Аднак назаўтра Алесь быў повен узбуджанасьцю трывогі. Як-бы недавер'е было да Ганны, ці адчуваньне нейкай яе няшчырасьці, незалежнай нават ад яе самой.

Быў той дзень апошнім днём перамеру зямлі. і мусіць адным з апошніх цёплых дзён. Ўжо адчуваліся блізкія халады, і голыя дрэвы ў садох набывалі колер сухое глыбокае восені. Хоць і быў той дзень цёплым і ясным, — дзьмуў вецер.

Былі ўмяркованы ўжо ўсе спрэчкі і нездаваленьні зямлёю; з самае цеснае вуліцы, некалькі хат згадзіліся выселіцца, некалькі чалавек чужых узялі зямлю і плацы — і павінна была некалі на весну, вырасьці, трохі наводшыбе ад мястэчка, новая вуліца. Блытаная і цяжкая справа падыходзіла да канца.

Зранку прышоў белагаловы Клемусь — усьпеў дачуцца ўжо, што дзяк пачне вучыць граць; сам ён даўно ўжо выбраў для сябе клярнэт. Прышоўшы, ён адразу пастараўся ўпэўніцца ад Алеся, ці праўду гаварыў учора некаму вечарам дзяк. Ён распытваў нават пра ўсялякія дробязі ў гаворцы з дзяком, курыў звыклыя комсамольскія "пушкі" і цыкаў сьлінаю праз зубы ў качэргі. Старац моўчкі заплятаў, навітымі з мочанага лыка вяровачкамі,