Старонка:Зямля (1928).pdf/142

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

― А дзе гэта відаць, што ён сьвінаваты? Дзе ён што насьвініў каму?

― Ён панаваты. А панаватыя заўсёды сьвінаватыя бываюць. Ну, можа ён і не такі. Я ня ўручаю. Можа і не.

― Такога чалавека пашукаць. Ён-жа з простых людзей, а да чаго сам дайшоў. На каморніка выбіўся.

Відаць, што Барановічыха раззлавалася Тамаша, паглядзела на Алеся і сказала:

― Дабранач.

― Хадзеце здаровы, ― адказаў Тамаш, зацягаючыся Алесевым тытунём.

Старац пазіраў на ўсіх і моўчкі даядаў з міскі. Тамаш глядзеў на свае ногі і гаварыў:

― За зяця, мусі быць, прагне ўзяць яго. От абы толькі пападуць каго, дык адразу і старыя і малыя ліпнуць, як мухі, шануючы вас, на гэтае самае... Разьвяла гаворку баба ― а залаты! а спрытны!.. Ах, як ужо там спрытнасьць у яго, дык аж зайздрасьць бярэ... Залаты чалавек, ай-яй! што там за золата ўжо!

― Вядома, што залаты, ― сказала Алесева маці, ― вучоны, грошы бярэ, далікатны, чыста адзеты...

― Няхай сабе будзе золата, мне што.

― Добры вечар.

Нечакана зьявіўся ля парогу дзяк, з басавістаю сваёю гаворкаю:

― У самы раз папаў. Гэта-ж і вы якраз тут.

― Якраз тут, ― адказаў Тамаш, працягваючы яму руку.

Дзяк патрос усім рукі, сеў на лаву і палажыў на стол жоўты партабак:

― Закурвайце... Табак першага сорту. Два гады ляжаў, усё мацунку набіраўся. Цяпер вышаў не