Старонка:Зямля (1928).pdf/141

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Чаго ня ведаю, таго не скажу. Пра вайну нічога ня чуў. Мусіць такі ня будзе яе, нешта ня чуваць нідзе нічога.

Яму налілі есьці, і ён сьцішыўся ў мыцельніку на лаве, пільна ўслухоўваючыся, што гавораць у хаце. Алесь дастаў з камінку тытунь і стаў закурваць. Запалілі лямпу, паставіла яе высока — на край печы, каб сьвятло было па ўсёй хаце. Тады і прышоў да Алеся Тамаш. Барановічыха пачала расхвальваць кватаранта свайго:

— Гэты наш каморнік, дык гэта залаты чалавек. Спакойны, добры, далікатны. От ён жыве ў нас ужо каторую пору, а каб калі ён нам надакучыў чым!? Усё роўна, як свой родны... А прывыклі-ж мы як да яго. Проста шкода, што ад'яжджаць яму трэба. Ён-жа па нядзелі паедзе ўжо. Ведаеце?

— Чулі.

— А як-жа, па нядзелі паедзе! У горад паедзе. Ён-жа там служыць. Ён там па земляной часьці начальнікам.

— Ведама, каморнік.

Барановічыха паглядзела на Алесеву мацеру:

— Апроч таго, што каморнік, дык ён яшчэ і так, гэта яму цяпер новую пасаду далі... Ён-жа толькі-што ў гэтым годзе вучыцца скончыў, яшчэ нават казаў нашай Ганьне, дзюплёму нейкую будзе здаваць гэтаю зімою, а ўжо і начальніка яму далі... Залаты чалавек.

Барановічыха ўсё паглядала на Алеся. Тамаш заўважыў гэта, дзьмухнуў у папяросьнік і сказаў:

— Хто яго ведае, ці ён залаты, ці не залаты, гэты каморнік. Але што ён панаваты, то гэта відаць. А раз панаваты, то і сьвінаваты.

Барановічыха пакрыўдзілася: