Старонка:Зямля (1928).pdf/140

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ці няма ў вас кіслае стравы?

Каб іхнія душачкі адпачывалі,
І каб усім жывым шчасьце прыгукалі...

— Гэта што луг быў халодны, ня мог ён бяды сабе нарабіць, ускочыўшы ў яго. А от у Астраўку была штука — дзяўчына лыткі апарыла...

І каб таму злыдню памерці,
Хто ня мае бога ў сэрцы.

Тут ужо Барановічыха перарвала яго песьню:

— Ну і што-ж было з тэй дзяўчынаю?

— Нічога. У бальніцы пакачалася трохі, а пасьля ўсё зажыло... Апарыць, дык апарыла, можна сказаць, ніштавата, да самых цягляў заняло... Ці няма ў вас кіслае стравы?

— Ёсьць.

— Ці ня ўлілі-б мне, калі ласка ваша, сербануць з лыжку якую?

— Пачакай, я зараз увальлю.

— А ці ня пусьцілі-б пераначаваць?

— Начуй.

— Няхай вам пан бог пашле збавеньне, шчасьце і долю, каб вымелі заўсёды тое, чаго самі ад бога найвышшага хочаце... Тут у аднэй хаце мяне прагналі — няма чым, кажа, дарыць, няхай твая торба згарыць. Усялякія людзі ёсьць на сьвеце. Сьвет вялікі, але-ж і людзі на ім! — ня было яшчэ такое галавы, каб пералічыла ўсіх... Што чуваць на сьвеце, людзі добрыя, можа вайна будзе, ня чулі?

— Ня чулі, — адказала Барановічыха, — а хіба вайна маецца быць? Ты па сьвеце ходзіш, то табе лепш і павінна быць вядома.