Старонка:Зямля (1928).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сьвежай смалою. Двары каля хат застаўлены драбінамі, паабрасталі дрэвамі; малыя сады каля іх паціху абсыпаюць жоўтым лісьцем стрэхі гумен. Сонца кіпіць на пярэстых колерах зямлі і дрэва. Вялікай лагоднасьцю ляжыць дзень на зямлі. І на далёкі размах вакол пахне зямля і сьвеціць сонца.

Так хутка будзе канчацца дзень.

Тут у канцы вуліцы пачынаюць зьбірацца людзі. Пастаяць некалькі чалавек каля канцавое хаты ды ідуць далей—у новы дзеравяны дом з белымі вокнамі ў поле. Доўга зьбіраюцца людзі. Варочаюцца назад па два ці па тры чалавекі, пасьля зноў ідуць; і толькі, як раньняя ноч агарнула зямлю, поўна стала людзей у вялікім пакою местачковай школы.

Чырвонаватае сьвятло малое лямпы лягло на твары людзей.

― Чаго я, браткі, сабраў вас!

Грубы і роўны голас чалавека ў шырокаплечай браварцы, пацягненай ні то жоўтым, некалі, ні то зялёным, цяпер аблезлага няпэўнага колеру сукном, прагучэў цьвёрда і патануў у агульным шуме і непарадку. Чалавек глядзеў на ўсіх утомленымі вачыма. Курачы праз вішнёвы папяросьнік, ён не варушыўся, стаяў перад усімі і з усімі, падставіўшы пад дробныя пералівы скупога сьвятла твар свой, густа аброслы цёмнымі валасамі з моцнай сівізной. І твар яго быў грубым, нібы без асаблівага стараньня высечаным з простага каменя або з цьвёрдага шэрага дзерава—твар быў шырокі, буйны і стары. Тоўстая барада абы-як разгладжана і сівізна ў ёй кавалкамі. Ён усё курыў і стаяў, упёршыся рукамі ў стол.

― Хлопцы, ну то давайце гаварыць!

― Дык мы—ж от гаворым,—пажартаваў з кутка малады голас.