Старонка:Зямля (1928).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тады і сам стараваты чалавек, закурваючы нанава, уцягнуўся ў адну з гаворак, што шумна вяліся паабапал яго.

За вокнамі зьбіраўся вечар, вечар першых дзён восені; лета прайшло назаўсёды, але на ўсім і ўсюды застаўся яшчэ яго радасны подых, і сум па леце пануе, калі вечарамі і ў месячныя ночы стукаюць аб зямлю яблыкі, падаючы з дрэва, поле і паплавы дыхаюць неабдымным прасторам, кусты ялоўцу ды крушыны маўчаць і пахнуць. І нават па зьмярканьні нагрэты за дзень моцным яшчэ сонцам камень грэе ў падэшву твае босае нагі.

Блыталіся і гулі гаворкі людзей.

― Ну то, мужчыны, можа, пачнем ужо!?

Стараваты чалавек пабарабаніў косткамі кулака па стале. Цяпер ён стаў трохі на водшыбе і каля яго апынуліся раптам двое—тонканосая, ня зусім маладая дзяўчына і шырокатвары хлопец з цёмнымі, нявыраслымі яшчэ, але скрозь запушчанымі, ня вельмі прыкметнымі вусамі. Мужчыны сталі зьбірацца гусьцей каля стала.

― Дык от, мужчыны, чаго я вас сабраў!

― То ты гавары, чаго ты сабраў нас, а то ты толькі марудзіш. Гэта раз...

Белабароды, баявы і моцны стары выткнуўся бліжэй і, выткнуўшыся, глянуў у твар стараватаму чалавеку за сталом:

...гэта раз. Я табе, Тамаш, скажу ў вочы,—ня мог ты, ліха табе, падабраць іншага якога, сьвяточнага, скажам, дня, а то папалі моду адрываць людзей ад работы.

Тамаш, прыкурыўшы з лямпачкі, апраўдаўся:

― А я табе, Павал, скажу толькі адно, што раз мне сказалі сабраць сход, дык я і зьбіраў,—от што, калі ты хочаш ведаць. А тымчасам, калі ўжо