Старонка:Зямля (1928).pdf/135

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Шкадуеш, дзядзька?

— Не шкадую, дай ты мне сказаць... Дык от робім усё, стараемся, каб як найлепш, і будзе лепш, аднак-жа от, скажам, сын мой ці дачка — усё роўна будуць грызьці мяне, як іржа жалеза, хоць каб і прычакалі мы найлепшага ўсяго. Што ты іх, перародзіш нанава, ці што?

— Самі тады перародзяцца.

— Можа і перародзяцца, хто яго ведае... Вам, маладым, відней... Я, дык хто яго ведае, я-ж кажу... Галава мне баліць, выпіў, лёг, заснуць не заснуў, адно сон перабіў... Цьфу... Няхай яно, дасьць бог, праваліцца скрозь зямлю...

— Што?

— Ды от усё. Дома мяне вылаялі дзеці, вакол усе, як на воўка пазіраюць...

— Страшна?

— Ні то што страшна.

— Ну, дык што?

— Ня страшна. Не. Весела, як мы гэта арудуем. Зямлю ўсю перамерылі, увесь, можна сказаць, народ узварушылі. Толькі што от стары я. Эх, браток-жа ты мой, каб я быў малодшы. Каб мне хоць год дзесяць назад вярнуць. А-я-яй! Родненькі мой! А то, ты думаеш, я доўга пажыву на сьвеце?

— Невядома.

— Што ты мяне, як малога, цешыш?

— На цябе сёньня, дзядзька Тамаш, найшло нешта.

— Нічога на мяне не найшло. Так гэта ўсё. Бывае гэта ў чалавека; у думкі лезе ўсё... Жаніцца Ты зьбіраешся?

— Ня ведаю і сам.

— Можа ня хочаш ты пры Вольцы гаварыць?