Старонка:Зямля (1928).pdf/134

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Будуць, гэта правільна.

— Само-ж нічога ніколі ня зробіцца. Нічога не рабіўшы, дык так і пасьля нас будзе ўсё гібець век.

— Не гавары ты мне гэтага. Што ты мяне, як малое дзіця, угаворваеш. Я стары чалавек, і раз я прыстаў да вас маладых...

— Я нічога дрэннага не падумаў...

— Я не кажу, што ты падумаў... Я казаў каля царквы, як Мацьвеіху хавалі, казаў усім, што мы не дажывом, можа, а Мацьвеяў хлопец некалі ў добрых ботах хадзіць будзе. Добра будзе жыць некалі. Я згубіў веру? Што я не працую!?

— Табе, дзядзька, адпачыць трэба, гэта відаць.

— Магу і не адпачываць. У труне неўзабаве адпачну.

— Што цябе, дзядзька, за думкі сёньня апанавалі?

— Крыўда ў мяне сямейная. Калі я сёньня паставіў барыша Хоневаму гэтаму швагру, дык і дачка і сын, як выходзіў з хаты сюды ісьці, аблаялі мяне за гэта, збэсьцілі. От што. Ты ня ведаеш гэтае крыўды. Некалі ўведаеш.

— Можа і ня ўведаю. Як буду я старым, тады людзі жыць будуць іначай.

— Можа і ня ўведаеш. А ў нас цяпер народ жыве, — божа мой, міленькі! Страхоцьце, а ня жыцьцё... Колькі гэта ўжо будзе год, як твой бацька памёр?

— Чатыры гады.

— Я от табе хачу ў вочы сказаць. Быў твой бацька рамесьнікам, пражыў век — і калі ён дабро тое бачыў? От ты мне што скажы. Я табе скажу адкрыта. Мы тут мераем зямлю, камітэты гэтыя, значыць, робім, каб памагаць каму трэба, я нават стары ў гэтую кашу ўмяшаўся...