Старонка:Зямля (1928).pdf/136

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я і ёй, кагадзе, гэтае самае казаў.

— Дурыш ты, хлопча. Я табе казаў і кажу, ня траць сілы дарэмна, бяры хутчэй дзяўчыну якую сабе. Бяры ды жыві здароў. Дзівак ты, чаго ты чакаеш. Я табе яшчэ раз кажу — упусьціш ты з рук Ганну, а тады за хвост ня зловіш. З дзяўчынаю ня можна так кошкацца... З дзяўчынаю — ня сьпі ў шапку. Жаніся, ды от пакуль яшчэ я жыў, дык мы з табою справаў наварочаем... Я от усё пра алейню думаю, няўжо мы яе не скляпаем?.. Жаніся, ды дзяцей гадуй...

Раптам Тамаш памаўчаў з хвіліну і заклапаціўся.

— От разышліся ўсе, забыўся я сказаць перад усімі.

— Што?

— Чаму гэта ніхто гэтае плоймы ня ўніме.

— Якое плоймы?

— Урвіцеляў гэтэх, комсамольцаў. Яны, праўда, ня ўсе такія, але ёсьць, што каб на іх паморак, каб на іх. Унь гэты Валька, пярвейшы басяк, фулігант, а ўсім запраўляе. Я яго так-бы заправіў, што ён назад ня выбраўся-б ніколі... Ён гэта з табою, здаецца, Волька, цягаўся пазаўчора вечарам па прысадах... Нашла з кім валачыцца, сталая дзяўчына. Ты, канешне, на мяне можаш і злавацца, але, Волечка ты мая родненькая, ці табе з ім хадзіць...

Ён памаўчаў.

— Алейню, дальбог, зрабіць трэба.

— Трэба.

— Ты от адно ў гаворцы — трэба ды трэба, а ніколі нідзе слова пра гэта не закінуў.

— Раней з зямлёю скончым.